header

Reabilitacyja - міжнародная анлайн-канферэнцыя

Менская ўрбаністычная платформа праводзіць 5-ю міжнародную анлайн-канферэнцыю “Reabilitacyja”

Пра канферэнцыю

Апошнія некалькі гадоў сталі для ўсяго свету канцэнтрацыяй пастаянных выклікаў, крызісных сітуацый і высілкаў па пераадольванні іх наступстваў. Пандэмія, кліматычныя пагрозы, войны і палітычныя крызісы не толькі нанеслі новыя траўмы ўжо ўстояным сістэмам, але і падсвяцілі іх праблемы, якія патрабуюць неадкладных вырашэнняў. 

Гарады ў гэтым сэнсе ніколі не былі выключэннем. Горад як комплексны жывы арганізм заўсёды быў змушаны рэагаваць на любыя выклікі чалавецтву і прапускаў праз сябе наступствы ўсіх крызісаў. І цяпер мы знаходзімся ў крытычнай кропцы, калі кожны элемент сістэмы гарадскога планавання і праектавання патрабуе рэабілітацыі. 

Калі мы кажам “рэабілітацыя горада”, першая асацыяцыя — гэта рэканструкцыя будынкаў і гарадскіх прастор. Аднак горад гэта не толькі яго матэрыяльнае ўвасабленне. Гэта складаная сістэма ўзаемадзеянняў паміж рознымі актарамі і аб’ектамі. Праз паняцце Рэабілітацыі мы разам паспрабуем адрэфлексаваць стан розных кампанентаў горада. 

Нароўні з тым, як мы арыентуемся на стан беларускіх гарадоў і архітэктуры, для нас гэтак жа важна рэабілітаваць і падтрымліваць сувязі паміж прафесіяналамі і прафесіяналкамі, каб кожны і кожная, нягледзячы на фізічную адлегласць паміж усімі намі, ізноў пабачылі сябе часткай вялікай прафесійнай супольнасці. 

Падчас жывых абмеркаванняў і вывучэння прыкладаў паспяховых пераўтварэнняў гарадоў, іх кампанентаў і цэлых сістэм, мы зможам прааналізаваць, у якой кропцы знаходзяцца беларускія гарады зараз, а таксама куды і як можна рухацца далей. Мы разгледзім інструменты гарадскога дызайну, практыкі і падыходы, якія можна ўжываць для рэабілітацыі беларускай сістэмы гарадскога планавання і праектавання.


Фармат мерапрыемства:

Канферэнцыя будзе праходзіць у онлайн-фармаце з 28 лістапада па 3 снежня 2022 г.

Даведацца больш інфармацыі і паглядзець расклад мерапрыемстваў можна на старонцы канферэнцыі.

Рэгістрацыя па спасылцы 


Крыніца: mienskurban.space